САВА́ННЫЯ ЗО́НЫ, саваннаў і рэдкалессяў зоны,

прыродныя зоны нізкіх шырот у субэкватарыяльным і трапічным (радзей — у субтрапічным) паясах Паўн. і Паўд. паўшар’яў. Займаюць каля 40% тэр. Афрыкі (на Пд ад Сахары), пашыраны ў Паўд. і Цэнтр. Амерыцы, Паўд. і Паўд.-Усходняй Азіі, Аўстраліі. С.з. уласціва пасатна-мусонная цыркуляцыя паветраных мас з выразным падзелам на сухі зімовы і вільготны летні сезоны. Працягласць дажджлівага сезону скарачаецца па меры аддалення ад экватарыяльнага пояса з 8—9 месяцаў да 2—3 месяцаў, колькасць ападкаў ад 2000 да 250 мм за год. Радыяцыйны баланс складае 250—335 кДж/см² (60—80 ккал/см²). Т-ра самага халоднага месяца 4—20 °C, самага цёплага — 20—35 °C. Сутачныя ваганні т-ры паветра да 25 °C. Рачная сетка рэдкая. Рэкі мялеюць у сухі сезон, у дажджлівы — расход вады павялічваецца ў 15—20 разоў, узрастае цвёрды сцёк, схілавы і плоскасны змыў.

Рэльеф прадстаўлены згладжанымі паверхнямі, над якімі ўзвышаюцца эразійныя астанцы, захаваныя ад разбурэння шчыльнымі фералітнымі корамі. Бяссцёкавыя ўпадзіны ў вільготны перыяд забалочваюцца. У сухі сезон зніжаецца ўзровень грунтавых вод, актыўна праяўляюцца працэсы фіз. выветрывання, у больш засушлівых раёнах — дэфляцыі. Глебы чырвоныя, чырвона-карычневыя, чырвона-бурыя. чорныя, шэра-карычневыя; з вял. колькасцю аксідаў жалеза, марганцу, алюмінію; характарызуюцца прамыўным рэжымам у дажджлівы сезон. Расліннасць: розныя тыпы саваннаў, саванныя лясы, ксерафітныя рэдкалессі і хмызнякі, уздоўж рэк галерэйныя лясы. Жывёльны свет: буйныя капытныя, драпежнікі, грызуны, бегаючыя птушкі, паўзуны і насякомыя Вышынная пояснасць у гарах С.з. прадстаўлена знізу — рэдкалессямі або саваннамі, вышэй — сухімі і мезафітнымі лістападна-вечназялёнымі лясамі, яшчэ вышэй — хмызнякамі і горным стэпам. У С.з. субэкватарыяльных паясоў вылучаюцца падзоны вільготных высакатраўных саваннаў і саванных лясоў, тыповых саваннаў, апустыненых саваннаў і рэдкалессяў. Вырошчваюцца збожжавыя і клубневыя культуры, бавоўнік, джут, арахіс, сізаль, цукровы трыснёг і інш. Жывёлагадоўля (пераважна ў больш засушлівых абласцях). Ландшафты С.з. моцна зменены антрапагенным уздзеяннем (звядзенне лясоў, разворванне, выпальванне траў і інш.), што прыводзіць да іх апустыньвання.

Р.​Р.​Паўлавец.

т. 14, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)